ДЖУ́ЛІО РАМА́НА

[Giulio Romano; сапр. Піпі, Ріррі; 1492 або 1499, Рым — 1.11.1546],

італьянскі архітэктар і жывапісец. У 1515—24 працаваў у Рыме. Вучань Рафаэля, разам з якім размалёўваў Станцы і Лоджыі Ватыкана, пасля смерці настаўніка завяршыў размалёўку вілы Мадама (1521). З 1524 працаваў у Мантуі пры двары герцагаў Ганзага. Паступова адышоў ад класічных прынцыпаў мастацтва Высокага Адраджэння да маньерызму. Яго жывапісным творам уласцівы кампазіцыйная перагружанасць, ускладненасць ракурсаў і поз. У арх. пабудовах падкрэсленая пластыка і кантрастнасць формаў, мудрагелістая фактура руставаных паверхняў (асабісты дом у Мантуі, 1544) часта спалучаюцца з нечаканымі вонкавымі эфектамі, якія парушаюць строгую тэктоніку ордэрнай сістэмы (Палацца Дукале ў Мантуі, 1538—39). У сваім гал. творы — Палацца дэль Тэ ў Мантуі (1525—34) прадвызначыў далейшыя шляхі архітэктуры, стварыў адзін з ранніх прыкладаў восевай кампазіцыі.

Джуліо Рамана. Размалёўка «Залы гігантаў» Палацца дэль Тэ ў Мантуі.

т. 6, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)